РАК РАСЛІ́Н,

група хвароб, якія характарызуюцца празмерным, няправільным разрастаннем асобных частак раслін, што прыводзіць да ўтварэння пухлін і нарастаў. Узбуджальнікі—грыбы, бактэрыі, вірусы. Пашыраны паўсюдна; на Беларусі найб. шкодныя: чорны рак пладовых дрэў, рак бульбы, канюшыны, бактэрыяльны рак памідораў і інш.

Чорны рак пладовых дрэў (узбуджальнік—грыб з роду сферопсіс), пашкоджвае лісце, кветкі, плады, ствалы яблыні і грушы. На кары паяўляюцца бура-фіялетавыя ўціснутыя плямы. Кара чарнее, растрэскваецца, ападае. Хворыя тканкі разрастаюцца, акальцоўваюць галіны, ствалы, якія ў выніку гінуць. Рак бульбы (узбуджальнік—грыб з роду сінхітрыум), каранцінная хвароба. Пашкоджвае таксама памідоры і інш. паслёнавыя. На клубнях, сталонах, сцёблах, радзей на лісці ўтвараюцца нарасці, спачатку белыя, потым цёмна-бурыя. Пашкоджаныя клубні загніваюць. Рак канюшыны (узбуджальнік—грыб з роду склерацынія) праяўляецца ўвосень у выглядзе павуціністага налёту на лісці. Вясною загнівае каранёвая шыйка — расліна лёгка адрываецца ад каранёў. Пры бактэрыяльным раку памідораў (узбуджальнік — бактэрыя з роду корынебактэрый) на сцёблах, галінах утвараюцца язвы, на пладах — дробныя плямы («птушыныя вочы»), расліна засыхае. Ступеньчаты рак лісцевых дрэў (узбуджальнік — грыб з роду нектрыя) часцей пашкоджвае клён, граб, ясень, яблыню. На ствалах і галінах дрэў адміраюць кара і камбій, фарміруецца адкрытая рана (язва), якая з кожным годам павялічваецца і набывае шматступеньчатую форму. Паступова язва акальцоўвае ствол, і дрэва адмірае. Смаляны рак (узбуджальнік — некат. ржаўныя грыбы) найб. часта пашкоджвае хвойныя дрэвы ў зрэджаных насаджэннях. Адміраюць камбій і драўніна, кара трэскаецца і ападае. У межах пашкоджвання выцякае смала, утвараючы на ствале жаўлакі і падцёкі. Дрэва адмірае ці становіцца сухаверхім.

Л.​М.​Прыступук.

Рак раслін: 1 — чорны рак яблыні (пашкоджаныя ліст, завязь і галіна); 2 — рак бульбы; 3 — рак канюшыны (пашкоджаныя расліна і сцёблы); 4 — ступеньчаты рак дрэў; 5 — смаляны рак хвоі (крона пашкоджанага дрэва і частка ствала).

т. 13, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)